«Музейныя таямніцы…. або з гісторыі аднаго прадмета»
«ЖООД — Святой Зямлі святыя ромбы»
2005 год. Ідуць раскопкі магілёўскага замчышча, легендарнай гары Магіла. Зараз гэта тэрыторыя парка імя М. Горкага. Пасля шматлікіх перакопаў, друзу і смецця, археолагі выходзяць на самую старажытную, цудам ацалелую частку культурнага слоя XII — сярэдзіны XIII стагоддзяў. Тут, на вялікай глыбіні, акрамя кавалкаў гаршчкоў, шкляных бранзалетаў, побытавых металічных вырабаў, быў знойдзены металічны, з алавяніста-свінцовага сплаву, аздоблены рамбічным арнаментам, жаночы бранзалет «наруч».
Ну і што з таго? Запытаецеся вы. Выраб просценькі, танны сплаў. Усё так, але і зусім не так. Унутраны бок бранзалета стаўся сенсацыяй сезону. На адваротным баку выраба выразна чыталіся літары, складзеныя ў адно слова — «ЖООД». Спецыялісты прыйшлі да высновы — гэта перададзенае кірыліцай, скажоннае, грэчаскае слова «Geodis» — Зямля.
Ромбы, сімвалы зямлі, дома, хлеба, чалавека, ураджаю на вонкавай паверхні выраба. Слова напісаннае з зваротнага боку, таемна (отай, як яны казалі), з аналагічным сэнсам. Усё гэта сведчыць — перад намі рэч, якая засцярагала яе гаспадыню, мусіла забяспечваць яе жаночае шчасце і дабрабыт. Але самае галоўнае! Гэта найбольш старажытны надпіс датаваны XII — сярэдзінай XIII стагоддзя. І ён неабвержна сведчыць, магілёўская жанчына таго часу была не толькі пісьменнай, але яшчэ і ведала грэчаскую мову. Ганарымся продкамі, з павагай ставімся да іх памяці ўвасобленай у рэчах, што памятаюць пра цеплыню іх рук!